Да галоўнай спартыўнай падзеі гэтага году — ІІ Гульняў краін СНД — засталося два месяцы. Да спаборніцтваў актыўна рыхтуюцца як маладыя спартсмены, так і іх трэнеры. А спартыўныя федэрацыі ўсяляк ім у гэтым дапамагаюць. Беларуская федэрацыя баскетбола і Беларуская федэрацыя гандбола пры падтрымцы гандбольнага клуба «СКА-Мінск» правялі семінар па агульнафізічнай падрыхтоўцы для спецыялістаў, якія працуюць з юнымі дараваннямі.

bbf 17 05 2023 seminar

«Нядаўна трэнеры па гульнявых відах спорту скончылі Вышэйшую школу трэнераў. У час навучання выявілася праблема агульнафізічнай падрыхтоўкі спартсменаў, якія ўваходзяць у састаў нацыянальных каманд. Першапачаткова мы разлічвалі правесці гэты семінар для дзіцячых трэнераў і тых, хто працуе з падлеткамі. І меркавалі, што іх будзе чалавек 20-25. Але, як толькі аб’явы з’явіліся на сайтах і ў сацсетках, пасыпаўся шквал заявак з усёй краіны, падключыліся трэнеры з валейбола і хакея», — расказала генеральны сакратар-выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.

Новыя карысныя веды калегам даносіў Вадзім Сашурын — трохразовы чэмпіён свету па біятлоне, чэмпіён Еўропы, уладальнік дзевяці медалёў чэмпіянату свету. Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры Вадзім Сашурын стаў трэнерам па агульнафізічнай падрыхтоўцы. Ён працаваў з жаночай нацыянальнай камандай па баскетболе. Гэты спецыяліст унёс значны ўклад у падрыхтоўку другой тэнісісткі свету Арыны Сабаленка. Зараз Вадзім Сашурын — трэнер па фізічнай падрыхтоўцы гандбольнага клуба «СКА-Мінск». Менавіта ён праводзіў заняткі ў Вышэйшай школе трэнераў. Слухачы нават не хацелі развітвацца з лектарам.

bbf 17 05 2023 seminar 1

bbf 17 05 2023 seminar 2

bbf 17 05 2023 seminar 4

Падчас семінару Вадзім Сашурын правёў яшчэ і лекцыю, дзе расказваў не толькі аб момантах, звязаных з агульнафізічнай падрыхтоўкай, але і аб неабходнасці медыцынскага кантролю формы спартсменаў. Агульная фізічная падрыхтоўка — аснова асноў у любым відзе спорту. І зразумела, што масіў інфармацыі, прысвечаны ёй, вельмі вялізны. "У рамках першага семінара я закрануў праблемныя пытанні — асновы біямеханікі, працу з тазам. Я даў самыя асноўныя і папулярныя практыкаванні, а насамрэч іх тысячы. Я хачу, каб у трэнераў было разуменне, што гэта важна, што шмат у каго ёсць недахопы, звязаныя з гэтым пытаннем, а значыць, ёсць над чым папрацаваць. Няхай нават на трэніроўках яны будуць даваць дзясятую частку з таго, што я сёння ім патлумачыў. Але, прынамсі, яны будуць разумець, што гэты кірунак правільны і пра яго нельга забываць, " – расказаў Вадзім Сашурын. Ён таксама адзначыў, што агульная фізічная падрыхтоўка – важная частка жыцця не толькі спартсменаў, але і кожнага чалавека, паколькі ад яе залежыць пытанне нашага здароўя.

Вадзім Сашурын прызнаўся, што праца ў знакамітым клубе «СКА-Мінск» прыносіць яму задавальненне. «Я лічу, што для Беларусі гэта –ўнікальны прыклад, калі лагічна і паслядоўна выбудавана сістэма падрыхтоўкі спартсменаў. Для гульцоў гэта – вельмі важна. І я ганаруся, што працую ў такім клубе. У гэтай каманды багатыя традыцыі. Я за ўсё сваё жыццё ў спорце шмат бачыў. І гэты сплаў ідзе нам у плюс», — заўважыў ён. Біятлоннае мінулае на забываецца, таму трэнер па фізічнай падрыхтоўцы зімой абавязкова адпраўляе гандбалістаў катацца на лыжах: гэта класіка агульнафізічнай падрыхтоўкі, карысная для кожнага. «Гандбалісты з пачаткам зімы не выходзяць з залы. А лыжы – адзіны від, якім яны могуць зімой займацца, не будуць жа спартсмены паўгода сядзець у зале. Праўда, лыжы і палкі часта псуем, але як без гэтага», — расказвае Вадзім Сашурын.

 bbf 17 05 2023 seminar 5

bbf 17 05 2023 seminar 6

bbf 17 05 2023 seminar 7

bbf 17 05 2023 seminar 8

bbf 17 05 2023 seminar 9

«Мы ўбачылі вялікую зацікаўленасць нашых трэнераў: на семінар прыехала больш за 100 спецыялістаў. Сумесна з клубам "СКА-Мінск" і Беларускай федэрацыяй гандбола мы будзем працягваць гэтыя семінары, бо за адзін раз немагчыма перадаць той багаты досвед, які ёсць у Вадзіма Леанідавіча», — адзначыла Настасся Марыніна.

Валерыя СЦЯЦКО, газета «Звязда»

Фота: Лізаветы ГОЛАД

РАЗДЕЛ Федерация

РАЗДЕЛ Новости