Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. У многім гэта заслуга трэнера Аляксандра Шымкавяка, які даў дарогу ў вялікі спорт многім знакамітым баскетбалісткам. Цяпер справу легендарнага спецыяліста працягвае яго жонка Вікторыя Дацун, галоўны трэнер гродзенскай каманды «Вікторыя» і нацыянальнай жаночай зборнай U-16.

bbf 1 02 12 20

«Вікторыя» ўваходзіць у своеасаблівы баскетбольны холдынг — клуб «Прынёманне». У яго структуру ўключаны дзве асноўныя дарослыя каманды — мужчынская «Гродна-93» і жаночая «Алімпія». А ў жаночай «Вікторыі» і мужчынскай камандзе «Прынёманне» гуляе моладзь. «Вельмі добра, што ў нас функцыянуе такая структура. У «Вікторыі» гуляюць спартсменкі, якія яшчэ вучацца ў школе ці заканчваюць яе, але ў дарослых камандах ім пакуль рана выступаць.

Такія стажорскія каманды трэніруюцца не дзеля выніку, а для ўдасканалення спартыўнага майстэрства. «Вікторыя» працуе ў цесным супрацоўніцтве з Гродзенскім вучылішчам алімпійскага рэзерву, якое стварае ўсе неабходныя ўмовы для спартсменак, і спецыялізаванай спартыўнай школай алімпійскага рэзерву № 7 горада Гродна, адкуль мы папаўняем сваю каманду. Нам дапамагае Беларуская федэрацыя баскетбола. У такой цеснай звязцы мы і рыхтуем гульцоў для нацыянальных зборных. 90 % гульцоў «Вікторыі» — члены нацыянальных зборных, у асноўным U-16 і U-18», — расказвае Вікторыя Дацун.

— Вікторыя Уладзіміраўна, у «Вікторыі» выступаюць дзяўчынкі толькі з Гродна ці з усёй вобласці?

— Усяго ў нас чатыры спартсменкі з раёнаў Гродзенскай вобласці. Раней, калі працаваў Аляксандр Станіслававіч Шымкавяк, іх было значна больш. Яму аддавалі самых лепшых дзяцей з усіх рэгіёнаў. Цяпер такога не адбываецца, вобласці хочуць пакідаць таленавітых дзяцей у сябе. А я не настойваю. Калі спартсмены трэніруюцца ў розных камандах, а потым сустракаюцца ў зборных, у іх з'яўляецца здаровая канкурэнцыя. І гэта добра, бо кожны імкнецца паказаць сябе з найлепшага боку. Канкурэнцыя дазваляе трэнеру выбраць найлепшага гульца не толькі па баскетбольных навыках, але і па характары, што таксама важна. Такім чынам мы з самага пачатку выхоўваем сапраўдных байцоў. Я ўсяляк спрыяю здаровай канкурэнцыі ў «Вікторыі». І ад гэтага мы маем добры вынік у выглядзе нашых гульняў.

— У гульнях жаночага чэмпіянату Беларусі?

— Менавіта так. Апошнія некалькі матчаў мы прайгралі з прыкрым адрывам у 5–6 балаў. Але я рада, што мае дзеці сталі канкурыраваць з камандамі на некалькі гадоў старэйшымі за іх. Выдатна, што яны не баяцца змагацца і не робяць сабе паблажак з-за ўзросту. Мае дзяўчаты змагаюцца да апошняга мяча. Часам могуць не забіць там, дзе была магчымасць, ці прапусціць мяч. «Вікторыя» зараз займае 5-е месца ў жаночым чэмпіянаце Беларусі. Перад намі найлепшыя каманды — «Гарызонт», «Цмокі-Мінск», «Алімпія» і «БДУ-Цмокі», якіх цяжка абыграць у сілу вопыту і ўзросту. А астатнія, як бачна, нам па зубах.

bbf 02 02 12 20

— У чым сакрэт такой канкурэнтаздольнасці?

— Я думаю, асаблівага сакрэту тут няма. У камандзе ёсць чатыры дзяўчынкі, якія жадаюць перамагаць ва ўсім, не толькі ў баскетболе. Каця Новік летам удзельнічала ў еўрапейскім анлайн-турніры па баскетбольных навыках. І мне было так прыемна, калі выканаўчы дырэктар федэрацыі Настасся Марыніна казала: «Ну ваша Каця і агеньчык». Ліза Шышлюк ніколі не здае сваіх пазіцый. Паліна Дамянюк робіць усё дзеля перамогі. Ксенія Шэпель змагаецца за кожны мяч і робіць гэта не гучна, але так настойліва, што астатнім сорамна філоніць. І гэтыя дзяўчаты зараджаюць усю каманду.

— На афіцыйным сайце вашага клуба сказана, што апошнія дзве гульні супраць «Гарызонта-РЦАП-2» і «БДУ-Цмокаў» былі з завязкай як у трылера, і з кульмінацыяй, як у драмы. Часта ў вас бываюць такія яркія матчы?

— Мы ствараем падобную сітуацыю на кожнай трэніроўцы. Важна, каб матчы праходзілі ў барацьбе за кожны бал, толькі ў такіх умовах нараджаюцца моцныя гульцы. Дрэнна, калі мы шмат выйграём, і яшчэ горш, калі пастаянна прайграём. Мая задача, каб у дзяўчат сфарміравалася псіхалогія пераможцы, а не прайграўшага. І таму цяпер камандзе трэба выйграць любы матч. Раней такая магчымасць была ў гульнях дзіцячай Еўрапейскай лігі, дзе мы шмат перамагалі. Летась у тройцы лідараў нават дайшлі да фіналу, але ён быў адменены праз пандэмію каранавіруса. Тыя гульні былі для нас аддушынай.

— Увогуле, як «Вікторыя» перажывае пандэмійны час?

— Мы ўвесь час трэніраваліся, у жніўні правялі выязны збор. Увосень у аднакласнікаў дзяўчат былі выяўлены выпадкі каранавіруса, і нас усіх адправілі на 14 дзён на ізаляцыю. Але мы працавалі анлайн. Два тыдні — не страшны тэрмін для фізічнай формы, таму мы хутка вярнуліся ў штатны рэжым. Вельмі цяжка было без спаборніцтваў, дзе можна выкарыстаць і праверыць усё, што мы развучваем на трэніроўках. Некалі савецкі трэнер Уладзімір Кандрашын сказаў, што для таго, каб жаночая каманда засвоіла камбінацыю, ёй патрэбна 40 трэніровак. Трэніровак у нас дастаткова, але праверыць камбінацыю можна толькі ў гульні.

bbf 03 02 12 20

— Аляксандр Станіслававіч Шымкавяк вызначыў пэўную стратэгію выхавання маладых баскетбалістак: «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа — вучылішча алімпійскага рэзерву — клуб». Вы ў сваёй рабоце яе прытрымліваецеся?

— Мы працягваем усё, што арганізаваў Аляксандр Станіслававіч, яго падыход неаднаразова даказваў сваю эфектыўнасць. Большасць яго вучаніц, якія ўжо скончылі кар'еру гульцоў, цяпер працуюць трэнерамі. У нас функцыянуе шмат груп пачатковай падрыхтоўкі, куды набіраюць дзяцей з другога класа. З пятага класа іх адбіраюць у спартыўныя класы, наступны этап — вучылішча алімпійскага рэзерву, і потым дзяўчат запрашаюць у клубы. І я дабавіла б у гэтую паслядоўнасць яшчэ ўніверсітэты і зборныя.

— Цяпер у краіне хутка развіваецца баскетбол 3х3. Як з гэтым справы ў Гродне?

— Развіваем, асабліва ў летні час. У нас ёсць база «Прывал», дзе зроблена пляцоўка для баскетбола 3х3. Мы ўдзельнічаем ва ўсіх турнірах, якія праводзіць федэрацыя. Наша Наталля Дашкевіч увайшла і замацавалася ў нацыянальнай зборнай 3х3. Калі каманда пройдзе кваліфікацыю, яшчэ адна мая вучаніца зможа выступіць на Алімпійскіх гульнях. Арына Масько трапіла ў маладзёжную каманду да 23 гадоў. Насця Феклістава магла трапіць у юніёрскую каманду, але яна ўжо «перарасла» ўзрост у 18 гадоў.

— Вікторыя Уладзіміраўна, як зараз праходзіць ваша работа на пасадзе галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай U-16?

— Літаральна два тыдні назад федэрацыя арганізавала ў Гродне вучэбна-трэніровачны збор для дзяўчат. Мы правялі трэніроўкі па агульнафізічнай падрыхтоўцы, медыцынскае абследаванне. Зборная U-16 — самая малодшая нацыянальная зборная, таму для дзяўчат гэта выдатны вопыт. У іх ужо склаліся добрыя адносіны. Але дзяўчатам яшчэ прыйдзецца пазмагацца, каб замацавацца ў зборнай. Канчатковы склад будзе вядомы за 10 дзён за чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў жніўні 2021 года.

— Для баскетбалістак гэтага ўзросту што важнейшае: тактыка ці тэхніка?

— Тэхнікі павінна быць больш, хоць тактыка таксама мае вялікае значэнне. Гульцы да 18 гадоў павінны паказваць вельмі хуткі і жорсткі баскетбол. Калі ў гэты перыяд станаўлення ўпусціць тэхніку, гульцу будзе вельмі цяжка развівацца на дарослым узроўні. Нікога не будзе хваляваць, умее дзяўчына рабіць той ці іншы кідок, усіх будзе цікавіць, колькі яна забівае. Хочацца, каб дзеці прыходзілі ў дарослы баскетбол падрыхтаваныя, таму 50 % трэніровачнага часу мы трацім на тэхніку.

— Легіянерства ў маладзёжным жаночым баскетболе развіта? Як вы да яго ставіцеся?

— Дзяўчат часта запрашаюць выступаць за клубы розных краін. Іншае пытанне — якога ўзроўню гэтыя клубы. Любому гульцу, які бачыць сябе ў прафесійным баскетболе, варта паспрабаваць пагуляць у замежных клубах. Гэта вялізны вопыт самадысцыпліны, выпрабаванне адказнасці і псіхалагічная падрыхтоўка. У «Вікторыю» ніколі не запрашалі замежных гульцоў і, я спадзяюся, не будуць. Гэта каманда стваралася для таго, каб выхоўваць нашых баскетбалістак.

— У 2018 годзе пасля чэмпіянату свету U-17, які праходзіў у Мінску, вы адзначылі, што нашым маладым баскетбалісткам не хапае спартыўнага нахабства. Што гэта азначае?

— Спартыўнае нахабства, ці спартыўная злосць, — гэта рыса характару, якая дапаможа баскетбалістцы змагацца за кожны мяч. Магчыма, гэта ў пэўнай ступені нават сцярвознасць. Спартсмены — асаблівыя людзі з байцоўскім характарам, без яго ў спорце немагчыма. І часам гэта накладвае адбітак на паводзіны ў паўсядзённым жыцці. Здаралася, што мае дзяўчаты аказваліся ў цэнтры школьных канфліктаў. Дрэнна, што такое мае месца быць, але яны «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго» і на пляцоўцы, і за яе межамі. Мая задача, каб яны выраслі добрымі людзьмі з пачуццём справядлівасці, меры. Сёння дзяўчатам з «Вікторыі» не хапае не нахабства, а смеласці. Яны многае ўмеюць, і ім трэба навучыцца рабіць гэта смела і ўпэўнена.

— Увогуле, якія сусветныя тэндэнцыі назіраюцца ў юнацкім жаночым баскетболе?

— Ён стаў больш жорсткі і больш блізкі да мужчынскага баскетбола. Шмат увагі сталі аддаваць фізічнай падрыхтоўцы, сіле спартсменак, і значна вырасла хуткасць. Усе тэхнічныя прыёмы засталіся, але яны робяцца на такіх хуткасцях, што незразумела, як такое магчыма. Я да гэтага адношуся станоўча, таму што баскетбол такі і ёсць. Мая задача навучыць сваіх дзяцей гуляць такім чынам.

bbf 04 02 12 20

— Меркаванне аб тым, што ў баскетбол могуць гуляць толькі людзі высокага росту, — стэрэатып?

— Гэта абсалютны стэрэатып, які проста прыдумалі. Не заўсёды высокі баскетбаліст становіцца добрым гульцом. Калі з яго нешта атрымліваецца, значыць, у яго было ўкладзена вельмі шмат працы і трэнера, і самога спартсмена. Асноўную работу выконваюць сярэднія і маленькія гульцы.

— Вікторыя Уладзіміраўна, як вы звязалі сваё жыццё з баскетболам?

— Як і ўсе савецкія дзеці, я хадзіла ў шматлікія секцыі, займалася валейболам. Але моцна парэзала руку і больш у валейбол гуляць не магла. Настаўнік фізкультуры паклікаў на трэніроўку па баскетболе і, калі я не прыйшла, паставіў двойку. А я была выдатніца і на наступны дзень з'явілася на трэніроўцы. І захапілася, потым мяне перавялі ў секцыю пры спартыўнай школе. Пасля восьмага класа сяброўка ўгаварыла паступіць у Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум, ну я ўпотайкі ад бацькоў і паступіла. Там і пазнаёмілася з Аляксандрам Станіслававічам Шымкавякам, і баскетбол застаўся ў маім жыцці назаўсёды.

— Як у вас атрымліваецца сумяшчаць ролю трэнера, псіхолага, педагога для сваіх спартсменак?

— Як казаў Пушкін, «і вопыт, сын памылак цяжкіх». Раней я чытала вельмі шмат кніг па псіхалогіі, пэўныя навыкі з'явіліся з вопытам. Муж Аляксандр Шымкавяк многаму навучыў. Такой нянькі для спартсменаў я ніколі не бачыла, ён аддаваўся ім на 100 %. Мы ніколі не ездзілі на адпачынак удваіх, з намі заўсёды была наша каманда. Я не магу праводзіць з дзецьмі столькі часу, як праводзіў ён. Але гэта мае дзеці — я вельмі шматдзетная маці.

— Вікторыя Уладзіміраўна, у чым сакрэт вашай матывацыі?

— У мяне няма матывацыі, я проста вельмі люблю сваю работу і сваіх вучаніц. Мне цікава назіраць, як яны растуць. Для мяне найвышэйшая асалода бачыць, як дзяўчаты перамагаюць.

Аўтар: Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце «Звязда»: Не матывацыя — любоў

РАЗДЕЛ Федерация

РАЗДЕЛ Новости