Гісторыя беларускага баскетбаліста, гульца клуба «Мінск» (у мінулым вядомага як «Цмокі») падобная на гісторыі многіх іншых маладых спартсменаў. Аднак лёс распрадзіўся так, што галоўнае спаборніцтва ў Рамана Гесця прайшло не на баскетбольнай пляцоўцы, а ў бальніцы. Спойлер: ён перамог. Таму гэтая гісторыя вартая таго, каб пра яе ведалі. Каб парадавацца за маладога моцнага хлопца, каб знайсці для сябе матывацыю і каб яшчэ больш палюбіць жыццё. 

12 17 kopiya 13

Пачыналася ўсё банальна. Хлопчык са Светлагорска за кампанію з сябрам запісаўся ў секцыю баскетбола. Здольнасці юнага баскетбаліста адразу заўважылі мясцовыя трэнеры, а сталічныя запрасілі на прагляд у Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. «Спаў і бачыў, каб мяне запрасілі ў РВАР, гэта была самая вялікая мара. І мара здзейснілася. Мой трэнер сказаў, што мала трапіць на вучобу ў вучылішча — трэба там затрымацца. І я стаў старацца з усіх сіл», — расказвае Раман. Старанні хлопца не прайшлі дарма — яго заўважылі як перспектыўнага гульца, спачатку запрасілі ў клуб «Цмокі-Мінск», пасля ўключылі ў юнацкія зборныя. Раман абараняў гонар краіны на пяці чэмпіянатах Еўропы ва ўзроставых катэгорыях U-16, U-18 і U-20. Летам 2021 года маладзёжная зборная заняла другое месца на Еўрапейскім Кубку выкліку. У складзе роднай каманды «Цмокі-Мінск» Раман увайшоў у лік найлепшых гульцоў Расійскай студэнцкай лігі.

«Лепш за ўсё запомніўся першы чэмпіянт Еўропы U-16. Мне было 15 гадоў, і ўсе хлопцы былі старэйшыя за мяне. Памятаю хваляванне перад стартам чэмпіянату, засталося ў памяці адчуванне таго, што ты на ўсё здольны дзеля перамогі. Прызнаюся: тады я моцна хваляваўся. Нават палохала, што мы выступаем за зборную, за краіну. Гэта надавала адказнасці. Але чым старэйшым станавіўся, тым спакайней да гэтага ставіўся. Потым гэта стала надаваць мне матывацыі», — дзеліцца ўспамінамі спартсмен. Як паказаў вопыт, матывацыя гэтага спартсмена, як і любоў да сваёй справы, — бязмежныя.

«Сам сабе казаў, што гэта не можа быць канец»
Пра сваю хваробу Раман расказвае як пра складаны баскетбольны матч, які трымаў у напружанні ўсіх. Прынамсі, так і было. А сам ён яшчэ не раз скажа, што залог перамогі — пазітыўны настрой.

«Усё пачалося вельмі проста. Я вырашыў перавесціся з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Для пераводу трэба было прайсці медыцынскую камісію. Здаў аналіз крыві — дактарам не спадабаліся нізкія паказчыкі трамбацытаў, мала лейкацытаў. Пераздаў — ізноў тое ж самае. Першая думка: «Ну як такое магло са мной здарыцца!». Канешне, я ведаў, што ў маім узросце людзі могуць хварэць. Ну хто ж думае, што страшны дыягназ можа напаткаць менавіта цябе. Канешне, у свой 21 год я ні аб чым такім не думаў. А тут...

Самае цяжкае было — сказаць бацькам. Калі першыя два разы здаваў аналізы — не казаў, думаў, абыдзецца, думаў, што ў лабараторыі памыліліся і ўсё наладзіцца, — навошта маму лішні раз турбаваць. Тым больш я ў 13 гадоў з'ехаў ад бацькоў і ўжо прывык свае праблемы вырашаць самастойна. Але калі стала, зразумела, што ўсё сур'ёзна, то расказаў, што ў мяне дрэнныя аналізы і трэба класціся ў бальніцу.

Калі даведваешся пра сябе такую навіну, спачатку становіцца балюча. Галоўнае — надоўга не заставацца ў такім стане. Потым пачынаеш думаць, як вырашыць гэтую праблему, знайсці выхад, настройваешся на тое, што жыццё пойдзе інакш. Канешне, зараз я магу казаць, што мне не было страшна, что я мужна ўсё прыняў. Аднак, шчыра, я тады ўнутры ведаў, што ўсё будзе добра. Я сам сабе казаў, што гэта не канец, што вельмі рана. Я ведаў, што ў мяне ўсё наперадзе. Стараўся нават жартаваць са сваёй хваробы. Праўда, сам смяяўся, а ўнутры было сумна.

Мяне лячылі дактары Рэспубліканскага цэнтра гематалогіі і перасадкі коснага мозгу. Ведаеце, дактары — гэта героі, святыя людзі. Тое, што яны робяць, — подзвіг. Такая тытанічная праца павінна быць ацэнена на належным узроўні. У мяне было два варыянты: апластычная анемія (калі перстае працаваць косны мозг) і лейкемія (рак крыві). Вельмі страшныя хваробы.

Пацвярдзілася апластычная анемія. Дыягназ мне паставілі ў студзені. Паляжаў у бальніцы, адпусцілі дадому. А сакавік-красавік я правёў у бальніцы, праводзілі хіміятэрапію. Мы вельмі спадзяваліся, што хімія дапаможа. Калі б яна не дапамагла, трэба было б рабіць трансплантацыю коснага мозгу. Вельмі складана знайсці донара. Праверылі майго малодшага брата на супадзенне. Ён не падышоў. Мы з Яраславам аказіліся несумяшчальныя. Таму вельмі добра, што хімія дапамагла. А вось калі хімію робяць — адчуванні зусім нядобрыя, вельмі дрэнна сябе адчуваеш. Першы дзень самы складаны. Нават не ведаю, з чым параўнаць. А я яшчэ ўвесь гэты час ляжаў адзін у стэрыльнай палаце, каб не падхапіць ніякай інфекцыі. Былі нізкія лейкацыты, якія, па сутнасці, — супрацьпаветраная абарона арганізма, і трэба было берагчы імунітэт. Зразумела, што ніякіх наведвальнікаў у меня не было, акрамя дактараў і медыцынскіх сясцёр. Ратавалі фільмы, серыялы, кнігі. Спачатку цяжка, але праз 5—7 дзён прывыкаеш. У цэлым было цяжка прывыкнуць да бальніцы. Калі ты выконваеш па дзве трэніроўкі на дзень і рэзка яны спыняюцца, а ў графіку толькі сон і адпачынак — вось, што складана.

«Рома, мы з табой»
Раману ўвесь час была неабходна донарская кроў. А паколькі ён, на жаль, быў не адзіны такі пацыент, патрэба ў донарскай крыві была вельмі вялікай. Беларуская федэрацыя баскетбола запусціла дабрачынную акцыю «Рома, мы з табой». Свой каштоўны ўклад у выратаванне таварыша зрабілі баскетбалісты, супрацоўнікі Беларускай федэрацыі баскетбола, аматары, прадстаўнікі розных відаў спорту і мноства неабыякавых.

«Роме дапамагаюць усе: нацыянальныя каманды, усе клубы, спартсмены прыязджаюць з розных гарадоў. Усе здаюць кроў. Калі мы даведаліся гэтую страшную навіну, калі з-за ўспышкі каранавіруса ўзніклі складанасці з донарскай крывёй, згуртавалася ўся баскетбольная грамадскасць. Мы адзіная баскетбольная сям'я. На жаль, нашы спартсмены сутыкаюцца з праблемамі са здароўем. Але яны ведаюць, што кожны член баскетбольнай сям'і гатовы падставіць плячо. А Рома — наш галоўны чэмпіён», — дзялілася генеральны сакратар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.

Для Ромы здавалі кроў усе. Але не ўся гэта кроў хлопцу дапамагала. Прычына простая — рэзус-фактар. Тая кроў, якая па гэтым паказчыку сартсмену не падыходзіла, ратавала жыццё іншым пацыентам. Такім чынам, дабрачынная акцыя «Рома, мы з табой» дапамагла многім іншым людзям. І што можа быць каштоўней за гэта? Сам галоўны чэмпіён прытрымліваецца такога ж меркавання:

«Я вельмі ўдзячны за гэту акцыю, за дапамогу. Я не прывык быць у цэнтры ўвагі, і таму мне было дзіўна, што столькі людзей зацікавілся маёй гісторыяй. Вялікі дзякуй Беларускай федэрацыі баскетбола, усім камандам, гандбольнаму клубу СКА-Мінск, БДУФК, кожнаму, хто здаў кроў. Усе гатовыя былі дапамагчы фінансава, маральна, здаць кроў, усім, чым можна, — гэта вельмі дорага варта. Але самае галоўнае — гэта маральная падтрымка.

Мой сябар Цімафей Паралёў зараз таксама змагаецца са складанай хваробай, ужо праходзіць шостую хіміятэрапію. У студзені захварэў я, і праз два месяцы страшны дыягназ паставілі і яму. Мне вельмі хочацца, каб яго падтрымалі так сама, як і мяне. Гэта вельмі важна. Дзякуючы гэтай гісторыі я яшчэ раз упэўніўся, што баскетбол — гэта не проста, калі людзі сабраліся разам. А што гэта насамрэч сям'я.

Я бачыў у бальніцы людзей з рознымі захворваннямі крыві, бачыў, як ім патрэбна донарская кроў. Яна патрэбна заўсёды. І я рады, што, ідучы дапамагаць мне, дапамаглі і іншым. Я кайфаваў, калі мне пералівалі кроў. У мяне ж паказчыкі былі паніжаныя, з пераліваннем крыві паступалі новыя сілы, я адразу сябе адчуваў больш бадзёра, з'яўлялася энергія. Гэта як тэлефон на зарадку паставіць.

«Кожны матч для мяне — экзамен»
Нягледзячы на перамогу, лячэнне Рамана працягваецца, хлопец прымае лекавыя прэпараты, знаходзіцца пад назіраннем дактароў. Але, што самае галоўнае, ён вярнуўся ў баскетбол. Праўда, не яе гулец, а як памочнік трэнера. Аднак хіба гэта важна?

«Галоўны трэнер клуба «Мінск» Расціслаў Мікалаевіч Вяргун летам пазваніў і прапанаваў мне паспрабаваць сябе ў ролі памочніка трэнера. Ну як я мог адмовіцца? Так мяне ўзялі ў першую каманду набірацца вопыту. Расціслаў Мікалаевіч сказаў, што бачыць у мяне патэнцыял трэнера і параіў праверыць свае сілы. Спачатку было нязвыкла, нават крыху страшнавата. Мне 21 год, а хлопцам, якіх я трэнірую, — па 35-36 гадоў. Гэта яны павінны мяне вучыць. Але сустрэлі мяне вельмі цёпла. Праўда, калі даведаліся, што я вяртаюся, былі ў шоку. У студзені паставілі дыягназ, а ў жніўні я ўжо быў на пляцоўцы. Канешне, з'яўляліся і жарты пра маё трэнерства, без гэтага ж у калектыве немагчыма.

Мне нязвыкла быць трэнерам, але падабаецца. У прынцыпе, мне па душы ўвесь баскетбол, таму тое, што я ў ім застаўся, — ужо шчасце. Свае трэнерскія здольнасці буду адпрацоўваць і на малодшым браце — Яраслаў узяў прыклад з мяне і таксама пайшоў у баскетбол. Бузем спадзявацца, што з яго вырасце добры баскетбаліст. Ён, як і я, жыве гэтай гульнёй, зараз вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Думаю, вырасце недзе 195 см і будзе разыгрываючым. Галоўнае — каб добрым чалавекам. Улетку будзем з ім працаваць. Я і раней яму нешта падказваў, але зараз ужо больш шчыльна станем узаемадзейнічаць: у мяне ж ужо вопыт трэнерскі.

За гэтыя тры месяцы сваёй працы я зразумеў, як хвалюецца трэнер перад матчамі. Зараз мы выступаем у лізе ВТБ, і я вельмі хвалююся за хлопцаў. Няхай я просты памочнік трэнера, у мяне ёсць свая зона адказнасці. Я працую і з гульцамі, якія аднаўляюцца пасля траўмы, праводзім агульныя фізічныя практыкаванні, аднаўляем тэхніку. І кожны матч каманды для мне як экзамен.

Магчыма, у будучыні мне хацелася б адкрыць сваю баскетбольную школу. Але для гэтага трэба, каб сышліся ўсе зоркі. Трэба набрацца трэнерскага вопыту, са здароўем усё павінна быць добра. Баскетбол пастаянна мяняецца, і неабходна без перапынку за ім сачыць. Хаця гэта зусім не праблема.

Трэнерства — гэта, канешне, вельмі цікава. Але мяне цягне на пляцоўку як гульца. Не ўсё я тут выканаў. Праўда, не ведаю, наколькі магчыма вярнуцца. Дактары кажуць, што гэта — руская рулетка. Невядома, як арганізм сябе павядзе з фізічнымі нагрузкамі. Можа быць, поўная рэмісія, і тады я змагу гуляць. А можа, пад нагрузкамі ўсё вернецца і косны мозг зноў перастане працаваць. Я вельмі хачу вярнуцца, але здароўе важнейшае. Таму пажывём — пабачым. Раз на два-тры тыдні я здаю аналізы, п'ю кожны дзень таблеткі. Адчуваю сябе здаровым, як да хваробы. Не магу сядзець без справы, мяне проста прэ нешта рабіць, кудысьці рухацца. Асабліва калі ўсё жыццё займаешся спортам, дык ужо без яго нікуды.

«Аб чым яшчэ можна марыць»
Пасля хваробы я зразумеў, што раней не цаніў самыя простыя рэчы. Я займаўся любімай справай са сваімі сябрамі — што яшчэ для шчасця патрэбна. Нават зараз я называю гэта работай, але, па сутнасці, я проста гуляю ў любімую гульню разам са сваімі сябрамі, вучуся ў людзей, ад якіх хацеў бы пераняць вопыт. Мне вельмі цікава працаваць з Расціславам Мікалаевічам Вергуном, Аляксеем Сухавецкім. Таму ў маі я проста не мог не прыйсці не падтрымаць нашу каманду на фінале чэмпіянату Беларусі. Усе былі ўзрушаны, не чакалі мяне бачыць. Настасся Уладзіміраўна Марыніна нават абуралася, чаму я прыйшоў, маўляў, не трэба было ісці туды, дзе шмат людзей, «абліла» мяне антысептыкам. Я, канешне, рызыкаваў, але інакш не мог. Дарэчы, вельмі ўдзячны Настассі Уладзіміраўне, яна мяне вельмі моцна падтрымлівала.

Яшчэ вельмі важны ўрок, які я вынес, — заўсёды сачыць за сваім здароўем і самаадчуваннем. Як у мяне ўсё пачыналася? Санлівасць, стомленасць. А ў мяне па дзве трэніроўкі на дзень — які яшчэ стан можа быць пасля іх?! Канешне, я не звяртаў на гэта ўвагі, спісваў усё на трэніровачны рэжым. Але да свайго арганізма варта прыслухоўвацца, даваць яму адпачынак. Стараюся данесці гэта і да блізкіх — яны ўжо прыслухоўваюцца.

Зараз у мяне ўсё добра. Я вучуся ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце фiзiчнай культуры, атрымліваю вышэйшую адукацыю, ёсць дзе жыць, займаюся любімай справай. Родныя і блізкія здаровыя. Сябры побач. Мае самыя лепшыя сябры Арцём Секушэнка, Ян Марынін, Аляксей Навойчык гуляюць у Мінску, мы пастаянна разам. Аб чым яшчэ можна марыць?

Галоўнае, нават у самых складаных сітуацыях, — маральны пазітыўны настрой. Я гэта пераняў ад таты. Ён заўсёды кажа, што калі сядзець і перажываць, то можна звар'яцець. Заўсёды трэба старацца думаць пазітыўна. Праблемы гэтага баяцца.

Валерыя СЦЯЦКО, газета "Звязда"

https://zviazda.by/be/news/20221111/1668177540-raman-gesc-ya-vedau-shto-u-myane-usyo-naperadze

 

 

SECTION Federation

SECTION News